Свята Божага нараджэння – гэта час асаблівай радасці, любові, супакою, час прабачэння, еднасці. Час, калі кожны чалавек становіцца на кропельку лепшым, бо немагчыма інакш – Збаўца нарадзіўся!
Сёлета, як і штогод, мы сабраліся разам на ўрачыстую Святую Імшу, каб прывітаць нованароджанага Збаўцу. Шчырая малітва, калядныя спевы, усмешкі на тварах, святочныя зычэнні...
Урачыстасці папярэднічаў час, спадзяемся, плённай падрыхтоўкі. Парафіяне ўдзельнічалі ў адвэнтовых рэкалекцыях, раратах, прыступілі да сакрамэнту споведзі. Моладзь прыклала шмат намаганняў у падрыхтоўцы каляднай сцэнкі. Гісторыя краўца Клаўса нікога не пакінула абыякавым. "Прыйшоўшы на зямлю, Езус паказаў вялікую любоў Бога да чалавека, здольную растапіць і вярнуць да напоўненага сэнсам, радасцю і мірам жыцця нават самыя халодныя сэрцы..."
Таксама кідаюцца ў вочы сёлетнія дэкарацыі, якія звяртаюць увагу не толькі вернікаў нашай парафіі, але і жыхароў усяго горада. Стоячы перад стаенкай, няхай кожны на хвілінку задумаецца аб велізарнай любові і міласэрнасці Бога да чалавека. Ён прыйшоў на зямлю, каб прынесці збаўленне, свабоду, супакой, надзею. Маленькае Дзіцё сталася Збаўцам свету. А ці гатовы мы прыняць гэтыя Божыя Дары?