Адвэнт – сапраўды адметны час. Час чакання на прыйсце Збауцы, калі мы робім намаганні, каб змяніць наша жыццё, «рыхтуем сцежкі прыходзячыму Пану». Сёлетні адвэнт у нашай парафіі адзначыўся незвычайнай падзеяй, а менавіта перагрынацыяй фігуры Маці Божай Фацімскай, якая прабывала ў нашай парафіі з 2 па 7 снежня.
Перагрынацыя распачалася ў пятніцу, 2 снежня, Святой Імшой а 18 гадзіне. Вернікі сабраліся крыху раней, каб разам выйсці насустрач і прывітаць фігуру Божай Маці. Выказваліся словы падзякі за яе апеку, просьбы аб дапамозе, падтрымцы ў жыццёвых клопатах.
Гэты дзень быў таксама першым днём адвэнтовых рэкалекцый, якія ў гэтым годзе праводзіў кс. Кірыл Бардонаў. Рэкалекцыяніст адзначыў важнасць падзеі, а падчас гаміліі асаблівым чынам засяродзіў увагу на гісторыі фацімскіх аб’яўленняў. На працягу трох дзён рэкалекцый ксёндз разам з вернікамі разважаў аб трох таямніцах фацімскіх аб’яўленняў.
Візія пекла. Чалавек штодзённа робіць выбар, якім шляхам ісці, але не заўсёды лёгкі, шырокі шлях з’яўляецца праўдзівым.
Паратунак у Беззаганным Сэрцы Марыі. Кс. Кірыл адзначыў вялікую вартасць удзелу ў набажэнствах першых суботаў месяца і малітве за грэшнікаў. У Сэрцы Божай Маці кожны прагнучы можа знайсці прытулак.
Трэцяя таямніца прадказвае мучаницкую смерць Святога Айца і мноства вернікаў, але таксама і дае надзею, бо Марыя паабяцала: «Але ўрэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе».
Рэкалекцыі скончыліся ў нядзелю, 4 снежня. Пасля Святой Імшы вернікі падзякавалі кс. Кірылу за супольную малітву, гамілію, за яго ўдзел у перагрынацыі.
Прабыванне фігуры Божай Маці Фацімскай у нашай парафіі скончылася ў сераду, 7 снежня, раратняй Святой Імшой. Дзякуем Марыі за магчымасць удзелу ва Урачыстасцях, за Яе клопат, а таксама за надзею, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, Яна заўсёды апякуецца намі.
Маці Божая Фацімская, маліся за нас!