Малітвы за душы ў чыстцы

 

Малітва да Езуса Адкупіцеля за душы, якія церпяць у чыстцы

Пане Езу, наш Адкупіцель! Ты пажадаў, каб падчас Тваёй мукі, канання на крыжы і смерці побач з Табою была Твая Беззаганная Маці. Такім чынам споўнілася прароцтва Сімяона, якое Яна пачула падчас ахвяравання Цябе ў святыні: «Праз Тваю душу пройдзе меч» (Лк 2, 35). Церпячы разам з Табою, Яна з’ядналася з Тваёю адкупленчаю ахвяраю і стала для нас Маці ласкі.

Праз боль Яе матчынага сэрца, праз Яе заслугі просім Цябе, Пане Езу, будзь міласэрны да памерлых, якія церпяць у чыстцы, даруй ім кары, ачысці іх ад усялякага бруду граху і прымі ў сваё Валадарства, дзе разам з Марыяй, анёламі і святымі яны будуць любіць і праслаў­ляць Цябе, Айца і Духа Святога ўжо назаўсёды, бясконца. Амэн.

Малітва да Маці Божай Міласэрнасці за душы,
якія церпяць у чыстцы

Марыя, Маці Міласэрнасці! Паглядзі сваім матчыным позіркам на цярпенні памерлых, якія немагчыма перадаць чалавечаю моваю. Ахопленыя чыстцовым агнём, яны ачышчаюцца ад рэшткаў усіх грахоў. Глянь на іх страшную муку ад немагчымасці паяднацца з Богам, а таксама на нясцерпную тугу па Ім. Марыя, акажы ім дапамогу, дай ім палёгку ў цярпеннях, будзь для іх прахалодаю!

Узгадай пра балесную муку Езуса, пра Яго найсвяцейшыя раны, пра сваё цярпенне разам з Ім падчас укрыжавання і ахвяруй гэта Нябеснаму Айцу за церпячых у чыстцы, каб яны, вызваленыя ад гэтага агню, маглі радавацца з Езусам і з Табою ў вечным шчасці. Амэн.

Малітва да Божай Міласэрнасці за памерлых

Ойча міласэрнасці і ўсялякага суцяшэння! Узглянь на душы памерлых, якія расплачваюцца паводле Тваёй Божай справядлівасці, і ачысці іх ад наступстваў усіх учыненых грахоў. Для Тваёй магутнасці і міласэрнасці ўсё магчыма. Калі Ты, Пане Божа, будзеш зважаць на нашыя беззаконні, ніхто не апраўдаецца перад Табою.

Валадар спакою, шчасця і прабачэння, у Цябе ёсць прабачэнне і шчодрае збаўленне. Ты сам, Адзіны Божа, сваёю ласкаю ўсіх збаўляеш, бо Ты — крыніца міласэрнасці! Адвярні Аблічча сваё ад іхніх грахоў, аблегчы ім цярпенні і вызвалі іх, Божа ўсемагутны.

О добры Езу! Праз Тваю Кроў, шчодра пралітую, праз Твае Найсвяцейшыя Раны, праз заслугі Тваёй Беззаганнай Маці і ўсіх святых, прабач памерлым усе іхнія правіны і ўвядзі ў вечную радасць, каб яны праслаўлялі Тваю бязмежную міласэрнасць на векі вечныя. Амэн.

 

Паводле матэрыялаў apostalstva.by

Расклад Св. Імшаў

З  ЧАЦВЯРГА ПАЧАУСЯ  СВЯТЫ

ПАСХАЛЬНЫ ТРЫДУУМ

 

 

Панядзелак 09:00 
Аўторак 09:00
Серада  09:00
Чацвер 19:00 
Пятніца 19:00 
Субота 21:00 
 Нядзеля 10:00    
Св. Імша ў Халопенічах:    
Нядзеля