АНЁЛ-АХОЎНІК

Бог выклікаў да сябе Анёла і сказаў:


– Ідзі на Зямлю. Там зарадзілася новае жыццё. Цяпер ты будзеш Абаронцай пры Юрыі.
Анёл паслухмяна спусціўся на Зямлю і тут жа знайшоў жанчыну, якая зацяжарыла тыдзень таму. Спачатку ён павітаўся з яе Анёлам, таму што разам ім трэба было суіснаваць доўгі час. Затым ён паглядзеў на хлопчыка, якога будзе ахоўваць. Ён убачыў, што той вырасце прыгожым і разумным, а таксама будзе мець талент пісьменніка.
Анёл стаў паказваць хлопчыку рознакаляровыя сны аб яго будучым жыцці, аб тым, што калісьці адбывалася з яго мамай і татам. Ён паказваў яму ў сне жывёл і кветкі, і імкнуўся, каб знаходжанне дзіцяці ў жываце было максімальна прыемным і камфортным.
Аднак аднойчы ледзь не адбылося няшчасце. Калі малышу было ўжо сем месяцаў, мама і тата патрапілі ў аўтамабільную аварыю. За некалькі секунд да сутыкнення з іншай машынай, не маючы магчымасці прадухіліць тое, што наканавана, абодва Анёлы раскрылі шырокія крылы і абаранілі маленькага Юрачку, які яшчэ не нарадзіўся, ад удару. Усё абышлося, і потым Анёл даўжэй, чым звычайна, паказваў хлопчыку рознакаляровыя малюнкі з катамі, сабакамі, канямі і ўсмешлівымі бацькамі.
Падчас родаў абодва Анёлы неадступна стаялі каля мамы, а калі маленькі Юра нарэшце з'явіўся на свет, яго Анёл ахутаў яго крыламі і прашаптаў: "Нічога не бойся, я з табой". І хлопчык супакоіўся, і заснуў.
Анёл любіў забаўляць дзіця, калі ён ляжаў у калысцы або смактаў малако з бутэлечкі, калі маці трымала яго на руках. Ён танцаваў, расхінаў і складваў крылы, а хлопчык усміхаўся. Мама з татам не здагадваліся, што так весяліць сына і куды так уважліва ён глядзіць.
Аднойчы ў іх у гасцях была прабабуля хлопчыка. Яна паглядзела на дзіцёнка, які ўсміхаўся, гледзячы на сцяну, і сказала: «Анёлы бавяцца». Анёл-Абаронца хлопчыка нават насцярожыўся: ці не бачыць яго бабулька. Але яна не бачыла, а проста ведала.
Чым больш рос хлопчык, тым больш працы дадавалася Анёлу. Аднойчы з кніжнай паліцы нехта сапхнуў на дзіця кнігу. Анёл прыгразіў яму, а сам накрыў галаву Юркі крылом – і кніга праляцела міма. Другім разам хлопчык спатыкнуўся і падаў на востры кут секцыі. Бацькі былі ў калідоры, а малёнак, як заўсёды, вырваўся наперад. І ніхто, акрамя самога дзіцяці, не бачыў, як Анёл падхапіў яго і паставіў на ногі.
Уначы Анёл-Абаронца ахоўваў сон дзіцяткі, не даючы, каб нехта злосны паказваў яму страшныя карцінкі. А з раніцы маляня заўсёды першым бачыў менавіта свайго Анёла, размаўляў з ім, а бацькам заставалася толькі здагадвацца, з кім лапоча сынок.
У тры гады, калі Юра быў у пакоі адзін, Анёл сказаў яму:
– Заўтра ты прачнешся і не ўбачыш мяне.
– Чаму? – спытаў хлопчык, складаючы сценку з кубікаў і не гледзячы на такога роднага і такога звыклага Анёла.
– Ты становішся занадта дарослым і занадта добра размаўляеш. Ты можаш выдаць сакрэт Нашага існавання.
– Ты пойдзеш да Яго?
– Не, я застануся з табой і буду заўсёды ахоўваць цябе. Але ты не зможаш больш бачыць і чуць мяне. Я буду побач з табой, а калі прыйдзе час, я павяду цябе да Яго. Дай, я абдыму цябе на развітанне.
Малыш шырока развёў рукі, і калі б хто-небудзь увайшоў у той момант у пакой, то ўбачыў бы, што дзіця абдымаецца з паветрам.
За ноч Юрка ўсе забыў і таму не чакаў такой звыклай і роднай усмешкі Анёла. Ён не памятаў, што яшчэ да нараджэння сама Дабрыня захоўвала і забаўляла яго.

Ганна Старыковіч

Расклад Св. Імшаў

ЗВЫЧАЙНЫ ПЕРЫЯД

 

Панядзелак  19:00
Аўторак 09:00 
Серада  09:00 
Чацвер 09:00 
Пятніца 19:00
Субота 09:00
 Нядзеля 10:00    
Св. Імша ў Халопенічах:    
Нядзеля 12:00