Адвэнт. Сімвалы і традыцыі

Упершыню пра Адвэнт як час падрыхтоўкі да Нараджэння Пана ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах IV ст. Адвэнт багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі. Пры гэтым кожны народ і краіна маюць штосьці адметнае.

 

1. Рараты

SPA56033Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з'яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэтая літургія цэлебруецца на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло.

Яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла з'яўляюцца раратнія ліхтарыкі. Ідучы на рараты, дзеці бяруць з сабой ліхтары, каб асвятліць змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвятліць змрок граху ў нашай душы, паказаць Хрысту дарогу да людскіх сэрцаў.

 

2. Адвэнтавы вянок

4to-domingo-de-adviento-1600x1200Характэрным знакам Адвэнту ў дамах і святынях з'яўляецца адвэнтавы вянок. Гэты звычай паходзіць з Германіі. Пратэстанцкая духоўная асоба, тэолаг і грамадскі дзеяч Джон Віхэрн адкрыў у Гамбургу школу-прытулак для сіротаў. У Адвэнце 1839 года ён зрабіў вянок, каб стварыць атмасферу, якая садзейнічала б малітве. Па краях кола (дыяметрам у два метры) Віхэрн размясціў 24 невялікія свечкі. Кожную з іх запальвалі ў чарговы звычайны дзень Адвэнту. Вакол вянка падапечныя Віхэрна штодня збіраліся на супольныя сустрэчы, малітвы і спевы. Хутка звычай адвэнтавых вянкоў распаўсюдзіўся па іншых гарадах Германіі і ўсёй Еўропы.

Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Ён выконваецца з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста.

Першая свечка сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іх непаслухмянасць Творцы. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраільскага народу, як удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю. Трэцяя свечка адносіцца да радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя — сімвал навучання прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі.

Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага люду, які чакае ў радасці і любові прыход Збаўцы ў свет.

 

3. Перадкалядны каляндар

Вельмі цікавая традыцыя, якая дапамагае ператварыць час Адвэнту ў сапраўднае чуванне, на жаль, у Беларусі мала вядомая — гэта перадкалядны (снежаньскі) каляндар.

Звычай лічыць снежаньскія дні, якія застаюцца да Божага Нараджэння, і адзначаць кожны з іх маленькім падарункам ці неспадзеўкай з'явіўся шмат дзесяцігоддзяў таму. Гісторыя такіх календароў распачалася ў XVII ст. У тыя дні ў снежні было прынята кожны дзень вывешваць на сцены малюнкі з біблейскімі матывамі. Вядома, што сям'я збіралася разам, каб пабожна разважаць убачаныя сюжэты, такім чынам паглыбляючы свае веды аб Хрысце, якога чакаюць.

Найбольш традыцыйнай формай календара з'яўляецца скрыначка з акенцамі па колькасці дзён Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзецям (ды і дарослым) можна толькі раз на дзень пасля таго, як зрабіў добры ўчынак.

Якімі б прыгожымі не былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць свята Божага Нараджэння.

Паводле catholic.by
Фота з архіваў парафіян


Каляндар важнейшых рухомых святаў

Год Панскі

Папялец Вялікдзень Унебаўшэсце Спасланне Духа Святога Цела і Крыві Хрыста Першая нядзеля Адвэнту
 2016 10.02  27.03 05.05 15.05 26.05 27.11
 2017  01.03  16.04  25.05 04.06 15.06 03.12
 2018  14.02  01.04  10.05 20.05 31.05 02.12
2019 06.03 21.04 30.05 09.06 20.06 01.12
2020 26.02 12.04 21.05 31.05 11.06 29.11

 


Літургічны год

«На працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы ад Уцелаўлення і Нараджэння аж да Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога, а таксама да чакання благаславёнай надзеі прыйсця Пана. Такім чынам адзначаючы таямніцу Адкуплення, Касцёл адкрывае багацце збавенных спраў і заслугаў свайго Пана. Яны нагадваюць аб сабе пэўным чынам у кожным часе, каб вернікі сустрэліся з імі і атрымалі ласку збаўлення» (SC, 102)*.

Касцёльны літургічны год пачынаецца з першай нядзелі Адвэнту і працягваецца да суботы пасля апошняй звычайнай нядзелі – нядзелі Хрыста Валадара. Літургічны год падзяляецца на перыяды:

  • Перыяд Адвэнту.
  • Перыяд Нараджэння Пана.
  • Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля нядзелі Хросту Пана да Папяльцовай серады.
  • Перыяд Вялікага посту.
  • Святы Пасхальны Трыдуум.
  • Велікодны перыяд.
  • Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля Спаслання Духа Святога да першай нядзелі Адвэнту.

* SC – Канстытуцыя пра святую Літургію ІІ Ватыканскага Сабору.


Урачыстасці і Святы

Кожны католік абавязаны ўдзельнічаць у Святой Імшы кожную нядзелю, а таксама ў наступныя ўрачыстасці і святы:

  • Святой Багародзіцы Марыі – 1 студзеня.
  • Аб'яўленне Пана (Тры Каралі) – 6 студзеня.
  • Святога Юзафа – 19 сакавіка.
  • Унебаўшэсце Пана – з календара рухомых святаў.
  • Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) – з календара рухомых святаў.
  • Святых апосталаў Пятра і Паўла – 29 чэрвеня.
  • Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі – 15 жніўня.
  • Усіх Святых – 1 лістапада.
  • Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – 8 снежня.
  • Нараджэнне Пана – 25 снежня.

(пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1246, § 1)


Расклад Св. Імшаў

ЗВЫЧАЙНЫ ПЕРЫЯД

 

Панядзелак  19:00
Аўторак 09:00 
Серада  09:00 
Чацвер 09:00 
Пятніца 19:00
Субота 09:00
 Нядзеля 10:00    
Св. Імша ў Халопенічах:    
Нядзеля 12:00