Сёння ў нашай парафіі адбылася падзея, якую доўга чакалі і да якой старанна рыхтаваліся – упершыню ў нашым касцёле быў удзелены Сакрамэнт Бежмавання. Больш за дваццаць чалавек у сённяшні дзень прынялі гэты Сакрамэнт з рук Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Падрыхтоўка да гэтай Урачыстасці пачалася яшчэ паўтары гады назад: менавіта столькі нашыя кандыдаты ўдзельнічалі ў занятках, вучыліся і рыхтаваліся да кожнай сустрэчы, з цікавасцю выбіралі сабе імя і сведку. Зусім нядаўна паспяхова здалі экзамен, пацвердзіўшы свае добрыя веды. І вось, сёння, прыйшоў час збіраць ураджай.
Яшчэ за некалькі гадзін да пачатку Святочнай Імшы кандыдаты пачалі збірацца ў касцёле. Прыгожыя, з надзвычайнай радасцю і хваляваннем ў вачах чакалі пачатку гэтай цудоўнай Урачыстасці. І вось загучалі словы гімна да Духа Святога, у касцёл увайшла святочная працэсія... Ксёндз-пробашч Віталій Маргуноў прывітаў ксяндза арцыбіскупа, прысутных святароў, гасцей з суседніх парафій, бежмаваных і іх сведкаў, а таксама парафіян, для якіх сённяшні дзень запомніцца надоўга.
Гамілію прамаўляў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звярнуўшы ўвагу на словы сённяшняга Евангелля: "Нярэдка сучасны свет з багатай гісторыяй хрысціянства называецца постхрысціянскім, у якім чалавек становіцца падобным да страціўшай веру, надзею і любоў евангельскай самаранкі. Аднак Езус вярнуў ёй усё гэта, бо яна даверылася Яму і прызнала ў Ім Месію". Мітрапаліт адзначыў, што падобнае павінны ўчыніць і сучасныя людзі, і "дапамагае ў гэтым нам Дух Святы, дары якога атрымліваем у сакрамэнце канфірмацыі".
У самы хвалюючы момант бежмаваныя выстраіліся ўздоўж касцёла: на плячы кожнага кандыдата руку трымаў сведка, на бэйджыку напісана імя апекуна, чыё імя прагне ў будучыні насіць бежмаваны. Юзаф, Люцыя, Фаустына, Тэрэза, Ганна, Францішак – кожны выбраў сабе імя найбольш блізкага па духоўнасці святога. Пасля ўдзеленага Сакраманту вернікі, радасць якіх проста немагчыма перадаць словамі, удзельнічалі ў працэсіі з дарамі ахвярнымі. Гэта была незвычайная працэсія: вернікі прыносілі глобус, каляндар, радыё – сімвалы нашага звычайнага жыцця, прыносілі камень і фіялетавую стулу – сімвалы нашых грахоў і пакаяння, прыносілі традыцыйныя кветкі, хлеб і віно.
У канцы вернікі падзякавалі Мітрапаліту за яго прысутнасць сярод нас, за супольную малітву і ўдзелены Сакрамэнт, пажадаўшы яму моцы і поспехаў у нялёгкім служэнні.
Пасля Святочнай Імшы вернікі яшчэ доўга віншавалі адзін аднаго, рабілі фотаздымкі, пасля ўсіх гасцей запрасілі на салодкі стол, дзе ў цёплай атмасферы разам дзялілся ўражаннямі з сённяшняга Свята.
Урачыстасць хутка прайшла, але спадзяюся, што мы яшчэ доўга будзем збіраць яе багатыя плёны...
Алена