Што для нас азначае Божае Нараджэнне? Колькі цеплыні, радасці, добрых успамінаў выклікае ў нас гэтая ўрачыстасць! Штогод вернікі ва ўсім свеце з нецярпеннем чакаюць гэтага радаснага свята, зноў і зноў са з'яўленнем першай зоркі збіраюцца разам за вігілійнай вячэрай, ламаюцца аплаткам, дзелячыся пажаданнямі і просячы прабачэння, потым усёй сям'ёй ідуць у касцёл на Пастэрку. Якая цудоўная атмасфера пануе паміж усімі вернікамі: немагчыма выказаць словамі!
У нашай парафіі да Божага Нараджэння старанна рыхтаваліся ўсе: хтосьці дапамагаў рабіць дэкарацыі (дарэчы, касцёл упрыгожылі проста казачна!), хтосьці ўдзельнічаў у падрыхтоўцы каляднай пастаноўкі , хтосьці вучыў новыя спевы на Святочную Імшу... І ўсе тыя, хто прычыніўся да падрыхтоўкі да ўрачыстасці, гэтай ноччу змаглі пабачыць плёны сваіх намаганняў.
Прыкладна за гадзіну да пачатку ў касцёле пачалі збірацца людзі: адны наведваюць храм часта, другія – рэдка, хтосьці ўвогуле прыйшоў упершыню. Але ўсе прысутныя з задавальненнем удзельнічалі ва Ўрачыстай Святой Імшы, пасля з цікавасцю глядзелі спектакль, які падрыхтавалі нашыя маленькія парафіяне. Юныя акцёры справіліся з ралямі выдатна; а прыгожыя дэкарацыі, цудоўная музыка, спевы і танцы стваралі ўражанне, што знаходзішся ў сапраўдным тэатры!
Гісторыя маленькага караля, які з дапамогай сваёй сяброўкі Зорачкі шукаў маленькага Езуса, закранула кожнага гледача. Усе прысутныя суперажывалі галоўнаму герою, які на сваім нялёгкім шляху змог захаваць сапраўды каралеўскую мужнасць і міласэрнасць, і ў канцы ўсё ж такі дасягнуў мэты свайго падарожжа. Маленькім акцёрам апладыравалі стоячы, на тварах усіх прысутных зіхацелі радасныя ўсмешкі.
Прыгожымі спевамі аздабляў Святую Імшу наш парафіяльны хор. Трэба адзначыць, што ўдзельнікі хору штотыднёва збіраюцца на рэпетыцыі, і сёння мы пабачылі плёны іх доўгай працы.
Пасля заканчэння мы яшчэ доўга не разыходзіліся: віншавалі адзін аднаго, дзяліліся ўражаннямі, проста радаваліся разам. Але гэта яшчэ не канец. Гэта толькі пачатак: нас чакае святочны перыяд – час глыбокай радасці, калі мы будзем разам адзначаць Божае Нараджэнне, збіраючыся на аплаткавыя сустрэчы, спяваць калядныя спевы... І няхай ў гэты благаслаўлёны час у сэрцы кожнага чалавека па-асабліваму, як некалі ў Бэтлееме, народзіцца маленькі Езус!
Алёна
Вігілія 24.12.2013 22.00
Відэа
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Раніца 25.12.2013 10.00