Адвэнтовыя рэкалекцыі ў нашай парафіі

DSCF8968
    Стала добрай традыцыяй у перыяд Адвэнту праводзіць рэкалекцыі – асаблівы час для духоўных разважанняў і паглыблення нашай веры. У гэтым годзе да нас прыехаў святар Валерый Марціноўскі – пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Гарадок (Віцебская дыяцэзія). Праграма рэкалекцый была вельмі насычаная, усе тры дні парафіяне з жаданнем прымалі ўдзел ва ўсіх спатканнях.


    У пятніцу, 13 снежня, рэкалекцыі распачаліся Святой Імшой. Урачыстым гімнам да Духа Святога мы прасілі Бога ласкаў добрага перажывання рэкалекцый. На працягу трох дзён ксёндз-рэкалекцыяніст разважаў з намі наконт малітвы, навяртання і надзеі . Казанні святара гучалі жыва і цікава, штосьці для сябе ў яго словах змаглі пачарпнуць і дзеткі, і дарослыя.
Дарэчы, дзеткі і моладзь спаткаліся з кс. Валерыем асабіста. Тэма катэхезы – я рыцар Хрыста. Якім павінен быць сапраўдны рыцар? Ці толькі хлопцы могуць імі быць? Якой зброяй карыстаецца сапраўдны рыцар Хрыста? На ўсё гэтыя пытанні дзеткі і моладзь старанна шукалі адказы.
    Таксама нашыя парафіяне разам з кс. пробашчам, кс. рэкалекцыяністам і законнымі сёстрамі прымалі ўдзел у малітоўным чуванні моладзі ў мінскай архікатэдры, якое адбылося ў ноч з суботы на нядзелю. Прыемна, што нашай парафіі прапанавалі правесці Вяночак да Божай Міласэрнасці, і мы некалькі тыдняў старанна рыхтаваліся і, напэўна, у нас атрымалася. Увогуле, чуванне было багата рознымі набажэнствамі: і дзяленне аплаткай, і Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, і спектакль...
    Нягледзячы на стому, нашыя парафіяне з цудоўным настроем вярнуліся дадому, і ранішняй нядзельнай Святой Імшой урачыста скончылі рэкалекцыі. Вернікі падзякавалі кс. Валерыю за тое, што ён быў з намі гэты час і пажадалі яму поспехаў у далейшым святарскім служэнні.
    На жаль, рэкалекцыі ўжо скончыліся, але спадзяюся, яны прынясуць добрыя шматкратныя плёны. Палова Адвэнту ўжо мінула, і наперадзе нас чакае свята, да якога так старанна рыхтуемся - Божае Нараджэнне!

Алёна

 

Расклад Св. Імшаў

 

  

Панядзелак 18:00 
Аўторак 09:00 
Серада  18:00
Чацвер 09:00
Пятніца 09:00 
Субота  09:00
 Нядзеля 10:00    
Св. Імша ў Халопенічах:    
Нядзеля